Выпускны баль
Ужо шмат гадоў запар летнім чэрвеньскім вечарам у нашай школе, як і па ўсёй краіне, прайшоў Выпускны Баль - урачыстае свята юнацтва і прыгажосці!
Выпускному вечару ў школе папярэднічаў Раённы баль выпускнікоў, які сабраў на гарадской плошчы 243 выпускнікоў раёна, іх бацькоў, сяброў, настаўнікаў.
З цёплымі словамі віншаванняў і самых шчырых пажаданняў да выпускнікоў звярнуліся старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Мечаслававіч Маркевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Алег Аркадзьевіч Анікевіч. Яркім і ўрачыстым момантам свята стала ўшанаванне тых, хто ўнёс дастойны ўклад у летапіс дасягненняў нашага раёна.
Разам са светлымі марамі ў неба паляцелі рознакаляровыя шары - сімвал школьнай дружбы, сімвал дзяцінства. Яркі і хвалюючы школьны вальс закруціў такіх знаёмых і такіх родных нашых дзяўчынак і хлопчыкаў!
А далей свята працягвалася ў сценах роднай школы, дзе пад дружныя апладысменты настаўнікаў, бацькоў і гасцей у святочна ўпрыгожанай зале ўшаноўвалі сем выпускнікоў 2015 года і іх класнага кіраўніка - Чыж Лілію Іванаўну. 13 выпускнікоў атрымалі пасведчанне аб завяршэнні навучання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Асабліва хвалюючым гэты момант быў для Чэмбровіч Валерыі, якая атрымала пасведчанне з адзнакай. Выдатную святочную праграму падрыхтавалі выпускнікі для ўсіх прысутных: гучалі вершы, песні. Шмат добрых слоў было сказана ў адрас настаўнікаў, бацькоў, аднакласнікаў. Гукі палымяных мелодый пераносілі ў бесклапотнае дзяцінства. Ну а світанак абвясціў аб пачатку дарослага самастойнага жыцця.
Шчаслівай дарогі! Спадарожнага ветру! У добры шлях, выпускнікі 2015 года!!!